ФІЗІ́ЧНАЙ КУЛЬТУ́РЫ І СПО́РТУ НДІ Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1995 у Мінску на базе Праблемнай н.-д. лабараторыі Акадэміі фіз. выхавання і спорту Рэспублікі Беларусь. У складзе ін-та навук.-аналітычны аддзел, лабараторыі: навук.-метадычных праблем спорту найвышэйшых дасягненняў; праблем юнацкага спорту; навук.-метадычных праблем фізкультурна-аздараўленчай працы з насельніцтвам; турызму; медыка-біял. сродкаў аднаўлення ў спорце; біял., гематалагічнага і імуналагічнага кантролю; функцыян. кантролю; спарт. марфалогіі і эргаметрыі; псіхал. кантролю; арганізац.-інфармацыйнага забеспячэння навук. даследаванняў; статыст. аналізу і праграміравання.

Асн. кірункі даследаванняў: распрацоўка эфектыўных тэхналогій у галінах спорту найвышэйшых дасягненняў і падрыхтоўкі спарт. рэзерву, фізкультурна-аздараўленчай працы з насельніцтвам і спарт. турызму. За гады існавання ў Ін-це распрацавана 29 навук.-тэхн. праектаў, выдадзены 4 зб-кі «Навуковыя працы НДІ фізічнай культуры і спорту Рэспублікі Беларусь», 7 зб-каў матэрыялаў канферэнцый, 4 манаграфіі, больш за 90 метадалагічных рэкамендацый, навуч. дапаможнікаў, праграмна-нарматыўных дакументаў; вынікі 252 навук. даследаванняў укаранёны ў практыку спорту і фіз. культуры. Выдадзены працы: «Уводзіны ў гуманізацыю фізічнага выхавання» У.​М.​Кража (1996), «Урокі турызму» У.​І.​Ганапольскага (1998), «Стымуляцыя біялагічнай актыўнасці як метад кіравання развіццём фізічных якасцей спартсменаў» С.​С.​Міхеева (ч. 1—2, 1999), «Навукова-даследчы інстытут фізічнай культуры і спорту Рэспублікі Беларусь» (2001) і інш.

т. 18, кн. 1, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)